ЭКСПЕРТЫ́ЗЫ МЕ́ДЫКА-САЦЫЯ́ЛЬНАЙ І РЭАБІЛІТА́ЦЫІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1973 на базе Бел. н.-д. лабараторыі экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў (дзейнічала з 1967). Галаўная арг-цыя па выкананні дзярж. рэсп. і галіновых праграм па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў. У складзе ін-та: 3 лабараторыі медыка-сац. экспертызы і рэабілітацыі (пры наступствах тэрапеўтычных, неўралагічных і артапеда-траўматалагічных захворванняў); лабараторыі медыка-сац. праблем дзяцей-інвалідаў, псіхал. праблем рэабілітацыі, клініка-фізіялагічных метадаў даследавання, эпідэміялогіі прафілактыкі інваліднасці, медыка-сац. праблем пажылых асоб, арганізац.-метадычных праблем санаторна-курортнага лячэння; аддзел навук.-тэхн. інфармацыі і аргработы. У клініцы ін-та са стацыянарам на 260 ложкаў функцыянуюць 5 рэабілітацыйна-экспертных аддзяленняў, а таксама кансультацыйна-паліклінічнае аддзяленне, аддзяленні лячэбнай фізкультуры, псіхатэрапіі, працатэрапіі, функцыянальнай дыягностыкі і інш.
Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка навукова абгрунтаваных крытэрыяў ацэнкі парушэнняў і абмежаванняў працаздольнасці пры назалагічных формах захворванняў; распрацоўка крытэрыяў адбору на розныя этапы рэабілітацыі (стацыянарны, амбулаторна-паліклінічны, санаторны); мед. рэабілітацыя хворых і інвалідаў з вісцэральна-метабалічнымі, статадынамічнымі і сенсорнымі парушэннямі; распрацоўка мед. асноў і стварэнне новых тэхналогій рэабілітацыі пасля высокатэхнал. і аператыўных умяшанняў (аперацыі на сэрцы і сасудах, трансплантацыі органаў, нейрахірургічныя аперацыі і інш.); распрацоўка крытэрыяў вызначэння паказанняў для прафес. дзейнасці інвалідаў 1-й, 2-й і 3-й груп і пераліку прафесій, даступных для прац. занятасці інвалідаў; распрацоўка аўтаматызаванай сістэмы ўліку і аналізу дзейнасці рэабілітацыйных аддзяленняў; стварэнне Рэсп. рэгістра дзяцей-інвалідаў. Распрацаваныя ў ін-це новыя падыходы і сучасныя тэхналогіі комплекснай рэабілітацыі хворых і інвалідаў дазволілі захаваць і аднавіць працаздольнасць і эканам. самастойнасць у 1/3 хворых з рухальнымі, маўленчымі, кардыярэспіраторнымі і слыхавымі парушэннямі. Пры ін-це дзейнічае клінічная ардынатура (дзённая і завочная формы навучання), вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў; на яго базе працуе кафедра медыка-сац. экспертызы і рэабілітацыі Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі; праводзяцца міжнар. канферэнцыі і семінары. Выпускаецца штогоднік навук. прац «Медыка-сацыяльная экспертыза і рэабілітацыя» (з 1999). Выдадзены працы: «Тыповыя індывідуальныя праграмы рэабілітацыі пры асноўнай інвалідызуючай паталогіі» (1999), «Асновы рэабілітацыі» В.Б.Смычка (2000), «Медыка-сацыяльная экспертыза і рэабілітацыя дзяцей з арганічнымі пашкоджаннямі цэнтральнай нервовай сістэмы» Смычка і Т.М.Бузянковай, «Рэабілітацыя і пратэзаванне інвалідаў пасля ампутацыі ніжніх канечнасцей» У.Т.Пуставойценкі і І.М.Волкава, «Тым, хто шукае шляхі да здароўя і самаўдасканалення» І.С.Гулько (усе 2003) і інш.
Т.Т.Копаць.
т. 18, кн. 1, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)